ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З КУЛЬТУ́РНЫХ І ГАСПАДА́РЧЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ, Цэнтрасаюз,

грамадска-паліт. арг-цыя бел. нац. руху правацэнтрысцкага кірунку ў Зах. Беларусі. Створаны ў сярэдзіне 1930 у сувязі з выбарамі ў польскі сейм. Цэнтр. друкаваны орган — газ. «Беларускі звон». Стварэнне Цэнтрасаюза азначала раскол у бел. нац.-вызв. руху, які адбыўся ва ўмовах рэпрэсіўнай палітыкі «санацыйнага рэжыму» і распачатых рэпрэсій палітычных супраць бел. інтэлігенцыі ў БССР, а таксама курсу КПЗБ на фарсіраванне рэв. працэсу ў краі. Лідэры саюза Р.​Астроўскі, А.​Луцкевіч, Ф.​Акінчыц, Я.​Станкевіч лічылі адзіна магчымым шляхам культ.-нац. развіцця пошук кампрамісаў з урадам Ю.​Пілсудскага. Пад арганізац. уплывам Цэнтрасаюза знаходзіліся Таварыства беларускай асветы, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні, Беларускае дабрачыннае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз, інш. культ.-асв. т-вы і суполкі. Правал Цэнтрасаюза на выбарах у польскі сейм у ліст. 1930, узмацненне пазіцыйных рознагалоссяў прывялі да яго расколу ў пач. 1934.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 17, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)